БІЯГРАФІ́ЧНЫ МЕ́ТАД,

1) У сацыялогіі — спосаб даследавання, дыягностыкі, карэкцыі і прагназавання жыццёвага шляху асобы. Тэарэтычна распрацаваны на пач. 20 ст. сацыёлагамі амерыканцам У.Томасам і палякам Ф.Знанецкім. Біяграфічным метадам называлі вывучэнне асабістых дакументаў (перапіска, дзённікі, аўтабіяграфіі). 2)У псіхалогіі біяграфічны метад — крыніца разумення і рэканструкцыі жыццёвага свету асобы і яе самасвядомасці; у псіхіятрыі — вывучэнне прычын хваробы, першапачатковай «псіхічнай траўмы».

3) У літаратуразнаўстве — кірунак у вывучэнні л-ры, дзе асоба аўтара і яго біяграфія разглядаюцца як асноўны, вызначальны момант маст. творчасці. Найб. пашырэнне гэты метад набыў у гісторыі культуры, дзе ён цесна звязаны з герменеўтыкай. У далейшым яго сталі ўключаць у аналіз актуальных і будучых з’яў (будучая аўтабіяграфія, кіраваная фантазія, графікі жыцця, каўзаметрыя). У сучасным грамадазнаўстве біяграфічны метад набыў новыя рысы дзякуючы ўсведамленню адзінства ўнутранага свету асобы і гіст. сітуацыі яе развіцця.

т. 3, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)